
Пакруціўшыся некаторы час пасярэдзіне ракі, кітаец неяк здолеў вырвацца з віру і як мага хутчэй накіраваўся да берага, правільней сказаць, у лес, бо ніякага берега не было.
Ен праціснуўся паміж мангравых карэнняў і стаў чакаць.
На працягу гадзіны вада ўсё падымалася, а потым пачала спадаць. Але кітаец, відаць, не мерыўся ехаць далей. Ен пашукаў яшчэ большага гушчару і заехаў туды так, што зусім схаваўся. Потым сваім нажом адрэзаў кавалак ліяны і прывязаў човен да карэнняў.
Вада тым часам усё спадала ды спадала. Вось ужо спод чоўна дакрануўся да глебы. Вось пачалі паказвацца чорныя плямы зямлі. Потым вада зусім адышла. Толькі збоку засталася абмялелая рака, ды мора блішчала дзесь далёка скрозь дрэвы.
Кітаец вылез, узяў сваю торбу і піку, яшчэ раз паглядзеў, ці добра схаваны човен, і пайшоў налева, уздоўж берага мора. Ісці было вельмі дрэнна. Зямля была гразкая, усюды пазаставалася шмат лужын. У адной з іх кітаец заўважыў ладнага краба, велічынёю з шапку. Гэта была добрая спажыва, і кітаец не мінуў яе. Ен узяў галіну і сунуў у крабаву клюшню. Той зараз жа моцна ўчапіўся за галіну, і кітаец без клопату выцягнуў яго з вады і паклаў у сваю торбу.
Але не паспеў ён прайсці некалькі крокаў, як раптам закрычаў і заскакаў ад болю: гэта краб ухапіў яго сваёй клюшняй за бок. Тады ён зняў торбу і некалькі разоў стукнуў ёю аб дрэва.
Кітаец ішоў наўкос, набліжаючыся да берага. Відаць было, што гэта месца яму знаёмае. Але пасоўваўся ён вельмі марудна, бо цяжка было праціскацца праз мангравыя карэнні. Тым часам сонца пачало ўжо спускацца на захад. Нецікавая будзе справа, калі ноч захопіць яго тутака. Тым болей, што ён ведаў і другую небяспеку, якая пагражае яму, калі ён замарудзіцца.
Так і ёсць: лужыны пачалі трапляцца ўсё часцей, а потым кітаец заўважыў, што некаторыя зноў злучыліся з морам стужкамі вады.
